РУ́СКА-КІТА́ЙСКА-МАНГО́ЛЬСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1915, Кяхцінскае пагадненне 1915. Падпісана ў г. Кяхта (Расія) 7 чэрв. прадстаўнікамі ўрадаў Расіі, Кітая і Манголіі Знешняй, якая ў 1911 абвясціла пра сваю незалежнасць ад Кітая. У асноўным пацвердзіла палажэнні рус.-манг. пагаднення 1912 і рус.-кіт. дэкларацыі 1913 пра аўт. статус Знешняй Манголіі у складзе Кіт. Рэспублікі. Паводле пагаднення, урад Знешняй Манголіі прызнаў вярх. суверэнітэт Кітая; у сваю чаргу кіт. ўрад пагадзіўся з аўтаноміяй Знешняй Манголіі на чале з богда-гэгэнам (галавой манг. ламаісцкай царквы), абавязаўся не ўводзіць туды свае войскі, не засяляць кіт. каланістамі. Восенню 1919, у час грамадз. вайны ў Расіі, кіт. войскі акупіравалі Знешнюю Манголію. 22.11.1919 кіт. ўрад абвясціў пра скасаванне пагаднення.

т. 13, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)